ПАЎНО́ЧНА-СІБІ́РСКАЯ НІЗІ́НА, Таймырская нізіна. На Пн Усх. Сібіры. Цягнецца паміж нізоўямі рэк Енісей і Алянёк на 1400 км. Шыр. з Пн на Пд 600 км. Пераважае паката-ўзгоркаваты рэльеф (выш. да 300 м). Складзена з марскіх і ледавіковых адкладаў, якія падсцілаюцца пясчанікамі і гліністымі сланцамі. Шматгадовая мерзлата. Шмат азёр (буйное Таймыр), у т. л. тэрмакарставых; балоты. Працякаюць рэкі Пясіна, Таймыра, Хета і Катуй, якія даюць пачатак Хатанзе, Папігай, Анабар. Клімат субарктычны кантынент. з халоднай зімой (7—8 мес) і кароткім халаднаватым летам. Сярэдняя т-ра студз. -30 °C на З і да -35—37 °C на У, т-ра ліп. 6—10 °C. Ападкаў 300 мм за год. У паўн. ч. пераважае лішайнікавая тундра, у паўд. ч. — хмызняковая, змяняецца лесатундрай і лістоўнічным рэдкалессем. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю.
т. 12, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)